У гэтым разьдзеле зьмяшчаюцца афіцыйныя прэс-рэлізы, а таксама інфармацыя пра перадгісторыю, ход і вынікі справы Зянковіч супраць Wise US Inc.
Узгаданая справа знаходзіцца на разглядзе ў федэральным судзе Злучаных Штатаў Амэрыкі і датычыць пытаньняў, зьвязаных з дыскрымінацыяй пры доступе да фінансавых паслугаў.
Кароткі зьмест
Зянковіч супраць Wise US Inc. — гэта справа пра федэральную абарону грамадзянскіх правоў, якая ўзьнікла ў выніку абмежаваньня доступу і наступнага закрыцьця рахунка ў кампаніі Wise пасьля шэрагу пераводаў, зробленых на карысьць арганізацыі, што дапамагае былым беларускім палітычным зьняволенным.
Ісьцец сьцьвярджае, што кампанія Wise выкарыстала яго нацыянальнасьць, паходжаньне, а таксама сувязі зь беларускімі арганізацыямі ў замежжы як падставу для высноваў пра нібыта незаконны характар фінансавай аперацыі. Паводле ісца, адказчык адмовіўся правесьці плацёж нават пасьля прадастаўленьня ўсёй неабходнай інфармацыі і зрабіў намёкі на магчымыя крымінальныя ўчынкі без наяўнасьці фактычных або прававых падставаў.
Ісьцец патрабуе кампэнсацыі шкоды, судовага прызнаньня дзеяньняў адказчыка незаконнымі, а таксама выдачы судовай забароны (injunction), якая б спыніла падобную практыку ў будучыні.
Чаму гэта важна
Гэтая справа датычыць шырока распаўсюджанай практыкі, якая закранае правы палітычных бежанцаў і былых палітвязьняў з краінаў, на якія накладзеныя міжнародныя санкцыі, і ўздымае прынцыповыя пытаньні, у тым ліку:
- ці могуць фінансавыя кампаніі адмаўляць у абслугоўваньні на падставе нацыянальнасьці або паходжаньня без правядзеньня індывідуальнага аналізу канкрэтнай сытуацыі;
- ці дапушчальна выкарыстоўваць спасылкі на санкцыйныя рэжымы як прэтэкст для зьніжэньня ўласных рызыкаў без рэальнага рэгулятыўнага абгрунтаваньня;
- ці можа стварэньне перашкодаў законнай гуманітарнай дзейнасьці апраўдвацца выключна інтарэсамі рызыка-мэнэджмэнту фінансавай установы.
Пра ісца
Юрась Зянковіч — беларускі палітык, амэрыканскі адвакат і былы палітычны вязень рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.
Ён правёў у зьняволеньні больш за чатыры гады, пераважна ў рэжыме інкамунікада, і быў афіцыйна прызнаны Ўрадам ЗША незаконна выкрадзеным амэрыканскім грамадзянінам (wrongfully detained U.S. person). У траўні 2025 году ён вярнуўся ў Злучаныя Штаты і цяпер пражывае ў штаце Тэхас.
Працэсуальны статус
- Суд: United States District Court for the Southern District of Texas
(Федэральны акружны суд ЗША для Паўднёвай акругі Тэхасу) - Нумар справы ў судзе: 4:26-cv-01024
- Статус: справа знаходзіцца на стадыі разгляду
Асноўныя матэрыялы і працэсуальныя дакуманты даступныя ў разьдзеле Судовыя дакуманты гэтага сайта.
Прэс-рэлізы
Афіцыйныя прэс-рэлізы і публічныя заявы, зьвязаныя з гэтай справай, публікуюцца ў гэтым разьдзеле сайту. Яны выходзяць у сувязі з ключавымі працэсуальнымі падзеямі, падачай дакумантаў у суд, а таксама з мэтай тлумачэньня важных для грамадзкасьці аспэктаў справы.
Кожны прэс-рэліз мае дату публікацыі. Прэс-рэлізы носяць інфармацыйны характар і не замяняюць сабой судовыя дакуманты.
Першакрыніцы
На гэтым сайце ў перакладзе на беларускую мову даступныя:
- публічныя матэрыялы судовай справы (іскавыя заявы, хадайніцтвы, судовыя загады);
- скрыншоты з рахунка ў сыстэме Wise з пазнакамі пра абмежаваньне доступу;
- перапіска бакоў, зьвязаная з блакаваньнем рахунка;
- дамовы і правілы карыстаньня, якімі рэгуляваліся адносіны бакоў.
Усе матэрыялы на сайце зьяўляюцца альбо судовымі дакумантамі, альбо дакумантамі, непасрэдна зьвязанымі з абставінамі справы.
Публічнасьць і адмова ад неразгалошаньня
Ніякіх дамоваў пра неразгалошаньне (NDA) у дачыненьні да гэтай справы не існуе.
Ісьцец мае намер весьці справу максымальна публічна і не плянуе заключаць канфідэнцыйных дамоваў з адказчыкам, якія маглі б абмежаваць яго права на публікацыю фактаў, дакумантаў або іншых матэрыялаў, зьвязаных са справай.
Кантактная інфармацыя
Журналісты могуць зьвязвацца з ісцом напрамую:
Юрась Зянковіч
Email: business@ziankovich.com
Тэлефон: +1 (346) 223-0284
Увага: той факт, што справа знаходзіцца на судовым разглядзе, накладае пэўныя абмежаваньні на каментаваньне яе абставінаў. Аднак Юрась Зянковіч па запыце прадстаўнікоў СМІ можа удакладняць факты, абмежавана тлумачыць іх значэньне для справы і даваць спасылкі на нормы права ці на ўжо пададзеныя ў суд матэрыялы.
Please note that pending litigation limits the scope of commentary. Factual clarifications and references to filed materials can be provided upon request.
Спасылка
Пры спасылках на гэтую справу, калі ласка, выкарыстоўвайце адну з наступных формаў:
“Ziankovich v. Wise US Inc.”, No. 4:26-cv-01024 (S.D. Tex.)
або
“Зянковіч супраць Wise US Inc.”, справа № 4:26-cv-01024 (S.D. Tex.)