Дэбанкаваны (Banking Blocked)

Калі санкцыі пачынаюць біць па ахвярах, а не па рэжыму

Хто я

Мяне клічуць Юрась Зянковіч. Я — беларускі палітык, амэрыканскі адвакат, былы палітвязень рэжыму Лукашэнкі. Я маю падвойнае грамадзянства Рэспублікі Беларусь і Злучаных Штатаў.

З 11 красавіка 2021 году да 30 красавіка 2025 году я быў палітвязьнем, якога КГБ Беларусі гвалтоўна выкрала з тэрыторыі замежнай дзяржавы і прывезла ў Менск, каб судзіць па справе змоўшчыкаў за спробу дзяржаўнага перавароту. Агулам я правёў за кратамі 1480 дзён, пераважна ў рэжыме інкамунікада. Урад Злучаных Штатаў прызнаў мяне незаконна выкрадзеным амэрыканцам (wrongfully detained U.S. person).

У траўні 2025 году я вярнуўся ў Злучаныя Штаты пасьля вызваленьня ў выніку дыпляматычнага ціску Ўраду ЗША на Лукашэнку.

Што сталася

Улетку 2025 году я адчыніў мультывалютны рахунак ў кампаніі Wise. На пачатку я выкарыстоўваў яго для атрыманьня гуманітарнай грашовай дапамогі як былы палітвязень. Пачынаючы з восені 2025 году, я выкарыстоўваў яго, каб зьбіраць і перадаваць грашовую дапамогу іншым былым палітвязьням, якіх вызвалялі пасьля мяне.

Я таксама далучыўся да Асацыяцыі палітвязьняў Беларусі (АПБ) — законна зарэгістраванай дабрачыннай арганізацыі, якая дзейнічае ў Летуве і аб'ядноўвае былых палітвязьняў.

Адзін з маіх пераводаў быў зроблены, каб аплаціць сяброўскую складку ў гэтую арганізацыю. Аднак Wise нечакана заблякаваў гэты перавод як "падазроны" і запатрабаваў дадатковых тлумачэньняў.

Поўная інфармацыя і... адмова

Я неадкладна прадаставіў усю неабходную інфармацыю: афіцыйныя рэгістрацыйныя дакуманты Асацыяцыі, падатковы нумар, адрас і кантакты кіраўніцтва. Нягледзячы на гэта, Wise адмовілася правесьці плацёж.

З перапіскі са службай падтрымкі Wise вынікала, што прычына адмовы была не ў незаконнасьці плацяжу і не ў парушэньні рэгулятыўных патрабаваньняў. Прычына была ў слове "Беларусь" у назве арганізацыі, а таксама ў беларускіх імёнах яе кіраўніцтва. Фактычна слова «Беларусь» было выкарыстана як проксі-паказьнік «рызыкі».

Тое, што ўсе мы зьяўляемся былымі палітвязьнямі рэжыму, на які накладзеныя санкцыі, не зрабіла ніякага ўражаньня на Wise.

Рахунак зачынены, мяне зрабілі вінаватым

Пасьля другой спробы адправіць грошы той самай арганізацыі, а таксама пасьля атрыманьня пераводу ад даўна існуючай польскай дабрачыннай Фундацыі "Беларускі дом у Варшаве", якая мае больш як 12-гадовую гісторыю падтрымкі ахвяраў беларускага рэжыму, Wise канчаткова заблякаваў мой рахунак.

Яны даслалі мне цьмяны ліст, у якім сказалі, што я магчыма маю дачыненьне да абыходу санкцыяў, незаконнага гандлю зброяй або нават да арганізацыі прастытуцыі.

Усе гэтыя намёкі зьяўляюцца ілжывымі, неабгрунтаванымі і носяць паклёпніцкі характар.

Пастка пад выглядам “апэлляцыі”

Як перадумову "перагляду" рашэньня ў адказ на маю скаргу, Wise запатрабаваў прадаставіць дадзеныя іншага банкаўскага рахунка, на які яны перавядуць рэшту грошаў з майго заблакаванага рахунка.

Я зразумеў, што, калі я гэта зраблю, то яны закрыюць рахунак канчаткова, і я не змагу атрымаць доступу да перапіскі, гісторыі плацяжоў і іншых доказаў, што паставіць крыж на любых спробах прыцягнуць Wise да адказнасьці. Фактычна мне было прапанавана абмяняць доступ да доказаў на вяртаньне ўласных сродкаў.

Таму я адмовіўся.

Судовая справа

Замест гэтага я вырашыў падаць іск у федэральны суд ЗША супраць Wise US Inc. (амэрыканскі філіял кампаніі) за:

  • незаконную дыскрымінацыю ў парушэньні артыкула 42 U.S.C. § 1981 Кодэкса законаў Злучаных Штатаў,
  • выбарачнае і адвольнае выкананьне ўмоваў дамовы,
  • хлусьлівае і паклёпніцкае абвінавачваньне ў зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства,
  • а таксама я запатрабаваў фармальнага прызнаньня парушэньня закону і забарону незаконнай практыкі.

Іск уключае патрабаваньні як кампэнсацыйнай, так і забароннай (injunctive) судовай абароны1.

Гэтая справа не пра нейкі асобна ўзяты банкаўскі рахунак.

Гэтая справа пра тое, ці можа фінансавая кампанія выкарыстоўваць нацыянальнае паходжаньне як падставу падазраваць чалавека ў крымінальных намерах ці нават дзеяньнях, хаваючы гэтую сваю практыку пад прэтэкстам "высокага рызыка" ці санкцыйнай рыторыкі.

Сыстэмная шырокавядомая праблема

Вядома, што апошнім часам беларускія палітэмігранты і былыя палітвязьні сутыкаюцца з частымі адмовамі ў прадастаўленьня банкаўскіх паслугаў на падставе грамадзянства ці нацыянальнасьці як у Эўропе, так і ў Злучаных Штатах. Гэтая практыка шырока абмяркоўваецца ў асяродзьдзі праваабаронцаў і юрыстаў, але рэдка даходзіць да судовай ацэнкі.

У мяне асабіста быў вопыт, калі адзін польскі банк адмовіўся адчыніць мне банкаўскі рахунак, толькі таму што ў маім амэрыканскім пашпарце ўказанае месца нараджэньня — Беларусь.

Гэта ня мае нічога агульнага ні з рэгулятыўнымі патрабаваньнямі, ні з санкцыямі. Гэта спроба зьняць з фінансавай установы рызыкі шляхам незаконнай дыскрымінацыі кліентаў.

Чаму гэтая справа важна

Санкцыі, якія накладаюцца на аўтарытарны рэжым, накладаюцца з мэтай АБАРОНЫ АХВЯРАЎ рэпрэсіяў, а не каб яшчэ раз дадаткова пакараць іх пасьля вымушанай эміграцыі.

Нельга дыскрымінаваць ахвяры рэпрэсіяў і парушэньняў правоў чалавека пад прэтэкстам выкананьня санкцыяў супраць тых, хто іх перасьледваў. Той, хто так робіць, падмяняе рэгулятыўныя правілы калектыўным пакараньнем, і спрабуе зьнізіць свае рызыкі шляхам ушчамленьня правоў нацыянальнай групы ці групы грамадзянаў пэўнай краіны.

Мая мэта

Я хачу стварыць праз гэтую справу юрыдычны прэцэдэнт:

  • Банкаўскія і фінансавыя ўстановы ня маюць права адмаўляць у фінансавых паслугах з-за нацыянальнасьці ці паходжаньня.
  • Банкаўскія і фінансавыя ўстановы ня маюць права лічыць, што ўсё, што зьвязанае зь Беларусьсю, аўтаматычна незаконнае.
  • Банкаўскія і фінансавыя ўстановы ня могуць зьнішчаць дабрачыннасьць праз беспадстаўныя інсінуацыі, што гэта, маўляў, можа мець сувязь з крыміналам.

Я маю намер дабіцца судовага рашэньня, якое абвесьціць, што Wise парушыла антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, каб ніводная фінансавая ўстанова па абодва бакі Атлантыкі ня чулася бяскарнай, калі раптам вырашыць паўтарыць тое, што зрабіла Wise са мной. Такім чынам, гэта абароніць беларускіх палітэмігрантаў ад дыскрымінацыі ў будучыні.

Празрыстасьць

Гэтая справа будзе весьціся максімальна публічна. Ніякіх дамоваў пра неразгалошаньне я не зьбіраюся падпісваць: ня будзе "выплатаў па-ціхаму"; я не дазволю замесьці гэтую справу пад дыванок.

Усе высьветленыя факты, судовыя дакуманты і доказы будуць публічна даступныя.


  1. У амэрыканскай судовай практыцы існуе паняцьце забаронных патрабаваньняў (injunctive relief), калі суд выдае рашэньне, якім забараняе паўторныя ці аналагічныя дзеяньні адказчыку. Парушэньне такога загада можа нават прывесьці да крымінальнай адказнасьці за непавагу да суду. ↩︎